З надыходам месяца кастрычніка было звязана рашэнне правесці дзень успаміну добраахвотніцтва 22 верасня 2018 года у Шуміліне, у Дыяцэзіяльным Санктуарыі Маці Божай Фацімскай.

    Нам трэба было пераадолець 350 км, таму з Лынтупаў мы адправіліся вельмі рана. Пасля прыбыцця на месца Пробашч і Кусташ Санктуарыя кс. Андрэй Юхневіч ОМІ правёў для нас прыгожую канферэнцыю на тэму “Ружанцовая малітва”.

    Кс. Андрэй звярнуў асаблівую ўвагу на ружанцовую малітву ў кантэксце фацімскіх аб’яўленняў, падкрэсліўшы вялікую яе вартасць. Ён заахвоціў да разважання ружанцовых таямніц разам з Марыяй, якая ўсе падзеі з жыцця свайго ўмілаванага Сына разважала і захоўвала ў сваім сэрцы, а таямніцы ружанца – гэта менавіта і ёсць гэтыя падзеі. Падзеі, у якіх кожны з нас можа знайсці сябе, бо ўсе мы ў жыцці перажываем і радасць, і боль.Молячыся на Ружанцы, разважаючы таямніцы з жыцця Езуса, у нас ёсць шанс навяртацца і прыняць пакуту. Бо малітва – гэта сустрэча з Панам, які перамяняе нашыя сэрцы. Аб усім гэтым прасіла Марыя ў Фаціме: аб ружанцовай малітве, навяртанні і пакуце.

    Пасля канферэнцыі была Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і магчымасць скарыстацца сакрамантам паяднання. А 12-й гадзіне мы прынялі ўдзел у Святой Імшы, молячыся аб Божым Благаславенні і апецы Марыі для дзяцей, якім дапамагаем у Парафіяльным Араторыўме. Дзень успаміну скончыўся абедам на свежым паветры ля вогнішча.

    Пасля абеду мы паехалі ў Віцебск. Там мы пачулі гісторыю горада і звязаную з ім гісторыю Каталіцкага Касцёла. Мы наведалі Касцёл св. Барбары, які адзіны перажыў найцяжэйшыя часы пераследу, Катэдру, а таксама месца, дзе перад разбурэннем знаходзіўся Касцёл св. Антонія. Духоўна ўзмоцненыя, поўныя радасці і сяброўства, з новымі сіламі вярнуліся мы ў Лынтупы.

 


  

РЭКВІЗІТЫ

КАНТАКТЫ